ХЛЕБАПЯКА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці хлеба і хлебабулачных вырабаў. Для Х.п. характэрны высокая транспартабельнасць асн. сыравіны — мукі і нізкая — гатовай прадукцыі (малыя тэрміны захоўвання), у выніку — залежнасць ад штодзённых заказаў гандл. арг-цый. Выкарыстоўваецца мясц. і прывазная сыравіна (мука, спецыі, разынкі).

На Беларусі першы механізаваны з-д пабудаваны ў 1927 у Мінску. На 2001 у Х.п. больш за 160 прадпрыемстваў; найб. буйныя — у Мінску (6 хлебазаводаў і «Аўтамат») і абл. цэнтрах. Невял. заводы і пякарні размешчаны паўсюдна ў населеных пунктах — месцах спажывання іх прадукцыі. Хлеб выпякаюць і на інш. прадпрыемствах харч. прам-сці (напр., Аршанскі мясакансервавы камбінат, Падсвільскі з-д харч. прадуктаў, Баранавіцкая птушкафабрыка і інш.). Вырабляецца больш за 200 найменняў хлеба (жытні, пшанічны, жытне-пшанічны, палепшаны, заварны, фармавы, подавы), батоны, сушкі, сухары, абаранкі, караваі і інш. Вытв-сць хлеба і хлебабулачных вырабаў 769 тыс. т (2001).

П.​І.​Рогач.

т. 17, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)